ТРУС СВО́ЙСКІ,
млекакормячае атр. зайцападобных. Паходзіць ад труса дзікага еўрапейскага. Вядома каля 60 парод, якія падзяляюцца на мяса-шкуркавыя (белы волат, венскі блакітны трус, матылёк, савецкая шыншыла, савецкі мардэр, серабрысты трус, чорна-буры трус, шэры волат і інш.), мясныя (новазеландскі белы, каліфарнійскі, блакітны беверэн, дацкі фламандскі волат) і пуховыя (пароды ангорская, белая пуховая). Вылучаюць пароды буйныя (больш за 4,5 кг), сярэднія (3—4,5 кг) і дробныя (менш за 3 кг).
Даўж. да 70 см. Афарбоўка шэрсці белая, блакітная, шэрая, карычневая, серабрыстая, чорная. Жывуць да 10 гадоў, гасп. выкарыстанне 1—1,5 года. Нараджаюць па 8 і больш дзіцянят 3—6 разоў за год.
т. 15, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)